Сачыненне па беларускай мове на тэму “Духоўнае хараство Палесся” па апавяданню Якуба Коласа «У палескай глушы»
Мосьцік, зложаны зь бярвеньняў,
Брод і грэбля кожны крок,
На дарозе рад карэньняў,
Крыж, пахілены набок;
Пералескі, лес, паляна,
Старасьвецкі дуб з жарлом,
Хвоя-веліч на кургане
З чорным буславым гняздом;
З чорным буславым гняздом;
Гразь, пяскі, лужок зялёны,
Шум крынічкі з-пад карча,
Шэлест лісьцяў несканчоны,
Крык у небе крумкача;
Вербы, груша-сіраціна,
Нізкарослы цёмны гай…
Гэта ты, балот краіна!
Гэта ты, палескі край!
Я. Колас
Вось i перагорнута апошняя старонка апавядання Якуба Коласа «У палескай глушы». Асаблівае ўражанне ў мяне засталося ад мастацкага адкрыцця пісьменнікам чароўнага кутка нашай Радзімы – Палесся, краю ў многім для мяне загадкавага, невядомага.
Якуб Колас умее стварыць яркі пейзаж некалькімі трапнымі штрыхамі, падкрэсліўшы самыя характэрныя рысы і дэталі. Так паказана карціна позняй восені на першых старонках апавядання: “З двара пазірала цёмная, чорная ноч. Неба, абложанае нізкімі хмарамі, здавалася, усё цяжэй навісала над аголенай зямлёй. Непраглядны змрок і сыры туман спляліся густа-густа і як бы глынулі гэтую закінутую між балот і лесу невялічкую вёску”.
Сваёй цікавасцю да прыроды, захапленнем роднымі краявідамі пісьменнік надзяліў і галоўнага героя твора Андрэя Лабановіча: «Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство – чалавек і прырода. Бо ніколі не страціць для нас цікавасці чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна, бо дарогі яго не вызначаны, бо формы яго жыцця і яго адносін да другіх людзей бясконца разнастайныя, канчаткова не выяўлены і ніколі не могуць стаць канчатковымі. А прырода! Колькі вялікага здавальнення дае нам яна! Бо прырода – найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы – хіба ж гэта не ёсць шчасце? Адно толькі шкада, што наша жыццё несузмерна малое для таго, каб начытацца гэтай кнігай».
Якуб Колас увесь час параўноўвае жыццё чалавека і жыццё прыроды, паказвае іх цесную сувязь і роднаснасць, падабенства законаў развіцця, сугучнасць прыроды чалавеку. Так, Лабановічу спачатку не вельмі спадабалася прырода Палесся. Прывыкшы да прастораў палёў, палюбіўшы сінечу далечыні, ён адчуваў сябе сярод бясконцых лясоў і балот, як «бы чымся звязаным, як бы на ім была надзета цесная адзежына». Але нават у першыя дні жыцця ў палесскай глушы галоўны герой заўважыў, што і гэтыя аднатонныя малюнкі маюць “сваю прывабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумення”. Ён успрымае іх «мудрасць» — прырода пашырае духоўныя далягляды героя. Назіраючы розныя ландшафты, ён задумваецца пра сутнасць прыгажосці, пра жыццё і смерць, сапраўдныя і ўяўныя каштоўнасці.
I я таксама, захапіўшыся духоўным хараством палескага краю, яго непаўторнасцю, зразумеў, што ўсім нам трэба любіць і ахоўваць прыроду, разумна выкарыстоўваць яе багацці, і, вядома ж, цаніць кожны міг, пражыты на нашай роднай зямлі.